• |
|
беларуская мова
Ацэнка арфаграфічнай, пунктуацыйнай і камунікатыўнай пісьменнасці абітурыентаў (дыктант, пераказ, сачыненне)
агульныя патрабаванні Ацэньваючы арфаграфічную, пунктуацыйную і камунікатыўную пісьменнасць, трэба зыходзіць з агульнага правіла: прад’яўляць абітурыентам патрабаванні ў межах дзеючых вучэбных праграм па прадметах. Пры праверцы пісьмовых работ (дыктантаў, пераказаў, сачыненняў) выпраўляюцца ўсе дапушчаныя памылкі, аднак пры ацэнцы ўлічваюцца не ўсе. Не ўлічваюцца і не выносяцца на палі наступныя памылкі: - апіскі, якія скажаюць графічны выгляд слова (пульба, мямля замест бульба, зямля); - фактычныя памылкі; - асобныя няправільныя напісанні, што з’явіліся пад уплывам графікі іншай мовы (і – и); - незахаванне аўтарскіх знакаў прыпынку.
Пры праверцы: 1. Нягрубыя памылкі лічацца за паўпамылкі; памылкі, якія паўтараюцца (колькі б іх ні было), лічацца за адну. 2. Першыя тры аднатыпныя памылкі лічацца за адну, кожная наступная памылка залічваецца як самастойная. 3. Калі ў адным неправяраемым слове дапушчана некалькі памылак, то ўсе яны лічацца за адну. Пры падліку слоў у дыктанце і пераказе бяруцца пад увагу загаловак, самастойныя і службовыя часціны мовы. Злучнік і улічваецца ў тэксце адзін раз. Па меры неабходнасці экзаменатар суправаджае адзнаку адпаведнай пісьмовай рэцэнзіяй. Дыктант, пераказ, сачыненне ацэньваюцца на ўступных іспытах адной адзнакай.
Класіфікацыя памылак Пры праверцы неабходна адрозніваць: - арфаграфічныя і граматычныя памылкі; - арфаграфічныя і фактычныя памылкі; - арфаграфічныя памылкі і апіскі; - грубыя і нягрубыя памылкі; - памылкі, якія паўтараюцца; - аднатыпныя і неаднатыпныя памылкі.
Граматычнымі з’яўляюцца памылкі ва ўтварэнні і ўжыванні формаў слоў (пачаставаць малінай замест пачаставаць малінамі, дараваць сястру замест дараваць сястры, насыпаць пяска замест насыпаць пяску і інш.). Найбольш распаўсюджаныя граматычныя памылкі: 1. Памылковае ўтварэнне слова: чытацель. 2. Памылковае ўтварэнне формы слова: а) памылкі ў склонавых канчатках назоўнікаў: Над цёмна-зялёнай сцяной дубняка і асінніка паўзлі хмары; б) памылкі ў выкарыстанні нескланяльных назоўнікаў у форме якога-небудзь склону: Паравоз набліжаўся да дэпа; в) памылкі ва ўтварэнні формы ліку: грудзь, дзвер, крупа, канапля; г) памылкі ў выкарыстанні слоў ў іншым родзе: Яго ўзнагародзілі медаллю; д) памылкі ва ўтварэнні формаў прыметніка: малодшы на пяць гадоў (маладзейшы); е) памылкі ва ўтварэнні займенніка: кажды (кожны), гэны (гэты); ж) памылкі ва ўтварэнні формаў дзеяслова: ідзець (ідзе), нясець (нясе), гавора (гаворыць), змяркаць (змяркацца). 3. Памылкі ў дапасаванні: Ля берагоў ракі, кустамі і алешнікамі паросшымі, трапляліся невялікія затокі. 4. Памылкі ў кіраванні: Гарлахвацкі прабраўся ў навуку шляхам падробленым дакументам. 5. Парушэнне суаднесенасці трывання і часу дзеяслоўных формаў: Калі пачалася вайна, яго мабілізоўваюць у армію. 6. Парушэнне дапасавання паміж выказнікам і дзейнікам: Вакол вогнішча сядзелі і размаўлялі група студэнтаў. 7. Памылкі ў пабудове сказаў з дзеепрыслоўнымі зваротамі: Чытаючы раман “Трэцяе пакаленне”, мяне вельмі зацікавіў лёс Міхала. 8. Памылкі ў пабудове сказаў з дзеепрыметнымі зваротамі: За расстаўленымі партамі ў тры рады сядзелі хлопчыкі і дзяўчынкі. 9. Памылкі ў пабудове сказаў з аднароднымі членамі: На пасяджэнні савета класа гаварылі пра збор макулатуры, металалому і аб дапамозе шэфам. 10. Памылкі ў пабудове складаных сказаў: У вобразе дзядзькі Антося аўтар паказвае загубленую маладосць, і ва ўсім гэтым трэба вініць самадзяржаўе. 11. Змяшэнне простай і ўскоснай мовы: Ужо неяк пад восень сказала Аленка Сцёпку, што я хачу працягваць вучобу (замест “што хоча працягваць вучобу”). 12. Пропуск неабходных слоў: Можна пачуць, як спяваюць птушкі, як узыходзіць сонца. 13. Парушэнне межаў сказа: Нам радасна бачыць. Як прыгажэе родны Мінск.
Да фактычных памылак адносяцца няправільныя напісанні, выкліканыя няведаннем рэалій (жылейка замест жалейка, Сураш замест Сураж і інш.).
Апіскі – гэта няправільныя напісанні, якія скажаюць гукавы і літарны воблік слова (дулпо замест дупло, бом замест дом і інш.).
Нягрубымі арфаграфічнымі памылкамі з’яўляюцца: а) памылкі ў пераносе слоў; б) няправільнае ўжыванне вялікай літары ў складаных уласных назвах; в) памылкі ў напісанні ўласных назваў неславянскага паходжання; г) злітнае ці асобнае напісанне прыставак у прыслоўях, утвораных ад назоўнікаў і прыметнікаў з прыназоўнікамі; д) механічнае недапісванне апошніх літар у словах.
Нягрубымі пунктуацыйнымі памылкамі з’яўляюцца: а) пастаноўка аднаго знака прыпынку замест іншага (аналагічнага); б) наяўнасць коскі паміж неаднароднымі азначэннямі; в) пропуск аднаго са здвоеных знакаў прыпынку або парушэнне іх паслядоўнасці (спалучэнне коскі і працяжніка, пытальніка і клічніка). Да падліку пунктуацыйных памылак неабходна падыходзіць дыферэнцавана. Напрыклад, за аднатыпную памылку лічыцца адсутнасць вылучэння зваротка коскай, калі ён стаіць у пачатку сказа. Але адсутнасць, напрыклад, косак пры зваротку, які стаіць у сярэдзіне ці канцы сказа, ў адной рабоце трэба лічыць за асобныя памылкі. Адсутнасць коскі перад злучнікам а пры аднародных членах можна лічыць за аднатыпную памылку. Адсутнасць коскі перад а ў складаназлучаным сказе трэба лічыць за іншую памылку. Аднатыпнымі будуць, напрыклад, памылкі ў пастаноўцы знака прыпынку ў складаназалежным сказе пэўнага тыпу з тым жа злучнікам.
Памылкамі, якія паўтараюцца, лічацца памылкі, дапушчаныя ў тым самым слове некалькі разоў або ў аднакаранёвых словах (напрыклад, земля, да землі).
Да аднатыпных адносяцца памылкі на адно правіла. Напрыклад, памылкі ў напісанні я ў першым складзе перад націскам у словах тыпу зямля, вясна, сцяна. Аднак памылкі на кожнае з выключэнняў з гэтага правіла трэба лічыць за асобную памылку. Напрыклад, памылкі могуць быць у словах кефір (адна памылка), сезон (другая памылка), легенда (трэцяя памылка). Як асобныя памылкі трэба лічыць няправільнае напісанне слоў з каранёвым я: пояс, завязь, месяц.
Асноўныя моўныя недахопы: 1. Ужыванне слова ў не ўласцівым яму значэнні: Чарнавус валодае аўтарытэтам у супрацоўнікаў інстытута. 2. Парушэнне лексічнай спалучальнасці: На паляўнічага накінуўся пажылы мядзведзь. 3. Ужыванне лішняга слова (плеаназм): Народныя песні спявалі маладыя маладзіцы і дзве старэнькія бабулькі. 4. Ужыванне адзін каля аднаго (або блізка) аднакаранёвых слоў (таўталогія): Шмат твораў стварыў Я. Купала для дзяцей. 5. Паўтарэнне аднаго і таго ж слова: Ён прыехаў з Парыжа. Яму трэба было прайсці паміж радоў. Як толькі ён зачыніў дзверы, людзі кінуліся да яго. 6. Ужыванне слова або выразу іншай стылявой афарбоўкі: Стомленыя і галодныя, мы паціху крочылі дадому. 7. Няўдалае выкарыстанне экспрэсіўнага, эмацыянальна афарбаванага слова: Школьнікі кінуліся ўручаць букеты кветак любімым настаўнікам. 8. Неапраўданае ўжыванне прастамоўных і дыялектных слоў і выразаў: Вера не верыла ні ў якія зводы, якія наводзіць Гарлахвацкі (замест нагаворы). 9. Змяшэнне лексікі розных гістарычных эпох. 10. Няўдалае ўжыванне асабовых і ўказальных займеннікаў: Маці прапанавала сыну наліць сабе чаю (маці ці сыну?). 11. Беднасць і аднастайнасць сінтаксічных канструкцый: Мы жылі ў палатцы. Палатка стаяла на беразе. Бераг быў абрывісты. На беразе раслі сосны. Сосны былі стромкія. 12. Няўдалы парадак слоў: Я ўважліва слухаў Міколу, з хваляваннем углядаўся ў яго прасветлены твар натхненнем. Дыктант Для дыктантаў мэтазгодна выкарыстоўваць звязныя тэксты (урыўкі) з мастацкай і публіцыстычнай літаратуры. Тэксты павінны быць даступнымі па зместу і адпавядаць нормам сучаснай літаратурнай мовы. Аб’ём дыктанта на аснове агульнай базавай адукацыi – 160 - 170 слоў, на аснове агульнай сярэдняй адукацыi – 190 - 210 слоў. Пры ацэньванні дыктанта неабходна кіравацца наступнымі паказчыкамі:
Заўвага. 1. “0” балаў ставіцца, калі абітурыент прысутнічаў на іспытах, але дыктант не пісаў. 2. Пры праверцы дыктанта 2 выпраўленні на месцы арфаграм ці пунктаграм лічацца за адну памылку. Граматычныя памылкі, дапушчаныя ў напісанні формаў слоў у дыктантах, пры падліку далучаюцца да арфаграфічных памылак. Пры гэтым за адну памылку, напрыклад, лічыцца напісанне канчатка -а ў родным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў воск, жвір, лёд. Але калі дапушчаны памылкі ў словах з магчымымі варыянатамі канчаткаў, кожную такую памылку трэба лічыць за асобную: лісце дуба – шафа з дубу. |
© 2006-2012 УО "Оршанский государственный механико-экономический колледж"Дата обновления: |